Свята-Траецкі Маркаў манастыр – адзін з двух праваслаўных манастыроў Віцебска.
Паводле розных меркаванняў, Маркаў манастыр быў заснаваны ў XIV–XV стагоддзі побач з Траецкай царквой. У 1576 годзе манастыр скасавалі, а Траецкі храм ператварылі ў прыходскі. У 1633 годзе манастыр аднавіў князь Леў Агінскі.
Росквіт манастыра прыпадае на XVII стагоддзе. У той час на яго тэрыторыі знаходзіліся два драўляныя храмы: Траецкі сабор і Пакроўская царква, пабудаваныя ў 1650 годзе. У 1690 годзе Пакроўская царква згарэла, і толькі праз 70 гадоў на гэтым месцы пабудавалі новы мураваны храм. Ён захаваўся да сёння. У 1850-я гады паводле праекта інжынера Мікалая Высоцкага над ім надбудавалі званіцу.
У 1920 годзе ў сувязі з антырэлігійнай палітыкай савецкай улады манастыр быў закрылі. На яго тэрыторыі доўгі час размяшчалася міліцыя і іншыя дзяржаўныя ўстановы. Усе будынкі, акрамя Свята-Казанскай (былой Пакроўскай) царквы, былі разбураныя (у тым ліку і Траецкі сабор – адзін з найлепшых узораў драўлянага беларускага дойлідства).
Свята-Казанская царква – адзіная ў Віцебску, якую не закрылі ў савецкі перыяд. У час Другой сусветнай вайны яна была пашкоджана, аднак часткова адноўлена ў пасляваенныя гады. Свята-Траецкі манастыр аднавілі 23 лістапада 2000 года.
Дата публікацыі: 11.02.2021.
Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму