Нацыянальная акадэмія навук Беларусі


Other, krokapp.byhttps://krokapp.by/media/sound/3ee2a9af-7781-40a1-9c0c-6e070f4517b2.mp3

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі – гэта навуковая ўстанова, якая ажыццяўляе арганізацыю, правядзенне і каардынацыю фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў і распрацовак па важнейшых напрамках прыродазнаўчых, тэхнічных, гуманітарных, сацыяльных навук і мастацтваў.

Нацыянальную акадэмію навук Беларусі заснавалі на базе Інстытута беларускай культуры, які дзейнічаў у 1922–1928 гадах. Урачыстае адкрыццё Беларускай акадэміі навук адбылося ў Мінску 1 студзеня 1929 года. Яе ранейшыя назвы: Беларуская акадэмія навук у 1928–1936 гадах; Акадэмія навук Беларускай ССР у 1936–1991 гадах; Акадэмія навук Беларусі ў 1991–1997 гадах. Першым прэзідэнтам Беларускай акадэміі навук стаў вядомы гісторык, акадэмік Усевалад Макаравіч Ігнатоўскі. Першапачаткова штат Акадэміі навук складаў 128 чалавек, з іх – 87 навуковых супрацоўнікаў. Вельмі складана галоўная навуковая ўстанова перажыла 1930-я – 1940-я гады. 

Да пачатку 1941 года ў Акадэміі навук працавала каля 750 чалавек. У яе структуры было 12 навукова-даследчых устаноў, з іх – 9 інстытутаў. У перыяд нацысцкай акупаціі Беларусі ў 1941–1944 гадах нармальная дзейнасць Акадэміі навук перапынілася. За гады вайны Акадэміі навук нанеслі велізарныя страты. Навуковыя лабараторыі, абсталяванне, будынкі, фонды бібліятэкі знішчылі. У 1945 годзе агульная колькасць супрацоўнікаў Акадэміі навук складала 360 чалавек (у два разы меншая за даваенную колькасць). 

У пачатку 1945 года 8 акадэмічных інстытутаў аднавілі сваю дзейнасць. У 1951 годзе ў Акадэміі навук налічвалася ўжо 29 навукова-даследчых устаноў, з іх – 16 інстытутаў. Агульная колькасць супрацоўнікаў – 1234 чалавекі. Профіль далейшых навукова-даследчых работ Акадэміі навук складаўся пад уплывам змен у структуры эканомікі, існуючых традыцый і наяўнага навуковага патэнцыялу. 

Новы этап у гісторыі Акадэміі навук пачаўся з аднаўленнем незалежнасці Беларусі ў 1991 годзе.

У 1997 годзе Акадэмія навук набыла статус нацыянальнай і стала вышэйшай дзяржаўнай навуковай арганізацыяй краіны.

З 2002 года ў склад НАН Беларусі ўключылі Акадэмію аграрных навук Рэспублікі Беларусь, Беларускі рэспубліканскі фонд фундаментальных даследаванняў, Беларускі дзяржаўны навукова-вытворчы канцэрн міжгаліновага машына- і прыборабудавання, Беларускі дзяржаўны навукова-вытворчы канцэрн парашковай металургіі, стварылі іншыя арганізацыйныя структуры. Таксама ў склад Акадэміі навук уваходзіць Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа.

Скарыстайцеся, калі ласка, аўдыягідам па Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі: https://nasbguide.krokam.by/.

Дата публікацыі: 05.02.2021.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць