Свята-Крыжаўзвіжанская царква


Other, krokapp.byhttps://krokapp.by/media/

Свята-Крыжаўзвіжанская царква – праваслаўны храм у Лунінцы. Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Знаходзіцца ў цэнтры старой часткі горада.

Праваслаўная драўляная царква ў Лунінцы пабудавана ў 1811 годзе на сродкі прыхаджан. Па апісанні, на 1879 год царква мела выгляд выцягнутага крыжа з трыма купаламі, дах царквы быў гонтавы, чырвонага колеру. Двое ўваходных дзвярэй, тры шэрагі вокнаў, вонкавыя і ўнутраныя сцены без афарбоўкі. Царква мела трох'ярусны дашчаты іканастас, пафарбаваны ў белы колер, з 24 іконамі ў пафарбаваных рамах. На асобна пабудаванай званіцы мелася чатыры званы.

У пачатку XX стагоддзя насельніцтва Лунінца, які стаў буйной чыгуначнай станцыяй, значна ўзрасло. Старая драўляная царква, якая да таго ж патрабавала пастаяннага рамонту, ужо не адпавядала часу, таму паўстала пытанне аб будаўніцтве новага цаглянага храма на тым жа месцы, дзе стаяў драўляны.

Яшчэ да закладкі першага царкоўнага каменя ў Лунінецкім прыходзе быў аб'яўлены збор ахвяраванняў на будаўніцтва новай царквы. Грошы паступалі ад нешматлікіх службоўцаў чыгуначнай станцыі, настаўнікаў, вайскоўцаў, прыватных асоб, уладальнікаў прадпрыемстваў і іншых. Вялікія сродкі ахвяравала Упраўленне Палескіх чыгунак. 

Вясною 1912 года быў закладзены падмурак лунінецкай Крыжаўзвіжанскай царквы. Але з-за войнаў і акупацыяў будаўніцтва працягвалася амаль 10 гадоў. Новы будынак храма быў скончаны ўжо пры польскай уладзе ў 1921 г. і перажыў усё складанае ⅩⅩ стагоддзе. Цяпер гэта галоўны храм Лунінца.

Крыжаўзвіжанская царква – гэта помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Галоўны ўваход аформлены магутным арачным парталам. Неатынкаваныя сцены насычаны цагляным дэкорам. У царкве знаходзіцца больш за дваццаць абразоў ⅩⅧ – ⅩⅨ стагоддзяў.

Дата публікацыі: 02.02.2021.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць