На сёння касцёл святога Язэпа – гэта адна са славутасцяў горада, якая сімвалізуе каштоўнасць культурных і гістарычных сувязяў пакаленняў.
Каталікі, якія з даўніх часоў жылі ў Лунінцы, належалі да францішканскай парафіі ў Пінску. У 1903 годзе была пабудавана драўляная капліца Ушэсця Маці Божай на каталіцкіх могілках, што існавалі да канца 1960-х гадоў на выездзе з Лунінца ў напрамку Пінска.
У выніку Рыжскага міру 1921 года Заходняя Беларусь, у тым ліку і Лунінец, патрапілі ў склад Польшчы. У студзені 1922 года ў горадзе была створана самастойная каталіцкая парафія.
Лунінецкую капліцу праездам наведаў кіраўнік польскай дзяржавы Юзаф Пілсудскі. Ён параіў пробашчу і парафіянам будаваць новы касцёл. У 1931 годзе, дзякуючы складкам вернікаў, дабрачынцаў і пры дапамозе дзяржавы ў Лунінцы быў пабудаваны касцёл парафіі святога Язэпа.
У тыя часы касцёл уяўляў сабой прамавугольны будынак з высокім вострым дахам. Ззаду была паўкруглая прыбудова. Над цэнтральным праходам размяшчалася званіца. Над уваходам – круглае разьбянае акенца.
У 1939 годзе з пачаткам Другой сусветнай вайны Заходняя Беларусь увайшла ў склад БССР. У выніку антырэлігійнай палітыкі савецкай улады будынак касцёла святога Язэпа быў перароблены пад склад. Гэта адбілася на знешнім выглядзе храма: была знесена званіца, змянілася форма вокнаў. Каб павялічыць плошчу складскога памяшкання, адну са сцен знеслі і прыбудавалі дадатковы аб'ём.
З аднаўленнем незалежнасці Беларусі ў 1991 годзе касцёл святога Язэпа быў вернуты Пінскай епархіі Каталіцкай Царквы. На месцы званіцы быў усталяваны крыж. Перад уваходам на тэрыторыю касцёла ўзвялі драўляны крыж з фігурай раскрыжаванага Ісуса Хрыста.
Дата публікацыі: 02.02.2021.
Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму