Музей гісторыі Гарадніцы


Other, krokapp.byhttps://krokapp.by/media/sound/cc3e2f8e-60b5-4b1f-b906-3a985e49d618.mp3

Музей гісторыі Гарадніцы (Дом майстра, Басняцкі дом) – помнік рэспубліканскага значэння. Ён месціцца ў асобным будынку, узведзеным у другой палове XVIII стагоддзя.

“Дом майстра” або “Басняцкі дом” – тыпавы жылы дом часоў забудовы Гарадніцы ў 60-я гады XVIII стагоддзя. У ім размешчаны Музей гісторыі Гарадніцы, прысвечаны рэфарматарскай дзейнасці гродзенскага старасты Антонія Тызенгаўза. Ён з'яўляецца адзіным уцалелым будынкам з дваццаці так званых “басняцкіх дамоў” (“баснякі” – вайсковая варта Гродзенскай каралеўскай эканоміі). Паводле праекта Ёгана Мёзера і Джузэпэ Сака на вуліцы Раскошы былі ўзведзены 20 тыповых жылых дамоў, па 10 з кожнага боку вуліцы, для іншаземных майстроў, якіх запрасіў гродзенскі стараста Антоній Тызенгауз для працы на мануфактурах.

Будынак кампактны, у плане амаль квадратны (8х9 метраў). Ён мае каменную фасадную сцяну з сіметрычна размешчанымі невялікімі вокнамі першага паверха і акном мансарды. Франтон барочнай канфігурацыі, пакрыты чарапіцай. Фасад падзелены пакрытым дахоўкай карнізам. Да фасаднай сцяны прыбудаваны асноўны драўляны аб’ём. Двухсхільны дах з мансардай накрыты дахоўкай. На першым паверсе будынка – жылыя пакоі, кухня і сені, з якіх лесвіца вядзе на мансарду. У 1990 годзе “басняцкі дом” быў адрэстаўраваны.

У музеі працуюць тры залы. Зала Антонія Тызенгаўза – экспазіцыя знаёміць з вынікамі рэфарматарскай дзейнасці графа. Сярод экспанатаў – вырабы мануфактур і майстэрняў, дакументы і чарцяжы XVIII стагоддзя. У другой зале прадстаўлены інтэр’ер кухні XVIII стагоддзя – кухоннае начынне і абстаноўка, характэрная для гараджан таго часу. У трэцяй выставачнай зале змешчаны рушнікі, народныя строі, тканыя паясы і вышыўка.

Дата публікацыі: 20.08.2020.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць