Касцёл Адшукання Святога Крыжа разам з кляштаром бернардзінцаў з'яўляецца архітэктурным комплексам, пабудаваным у XVI—XVII стагоддзях у гатычным, рэнесансным і барочным стылях.
Гісторыя будаўніцтва кляштарнага комплексу пачалася ў 1494 годзе і звязана з імем Вялікага Князя Літоўскага і Караля Польскага Аляксандра Ягайлавіча. Ён падараваў бернардынцам зямлю, на якой былі пабудаваны драўляны касцёл і манастыр. У 1595 годзе пры Жыгімонце III пачалося будаўніцтва мураванага мужчынскага кляштара. А 13 мая 1618 года адбылося асвячэнне віленскім біскупам Яўстахам Валовічам храма Адшукання Святога Крыжа. У 1656 годзе ў касцёле Адшукання Святога Крыжа адбыўся пажар, у выніку якога быў сур'ёзна пашкоджаны алтар святога Антонія і дах. Распачаліся рэстаўрацыйныя працы, паралельна з якімі вялося ўзвядзенне капліцы святой Барбары. У 1660 годзе ўсе работы былі завершаны. Дзякуючы сваёй шматвяковай гісторыі бернардзінскі касцёл з'яўляецца ўвасабленнем некалькіх архітэктурных стыляў: готыкі, рэнесансу і барока.
У перыяд знаходжання беларускіх зямель у складзе Расійскай імперыі стаўленне ўладаў да каталіцкіх ордэнаў было падазроным. У 1853 годзе ліквідавалі канвент бернардзінцаў у Гродне (на той момант у кляштары жыло ўсяго 8 манахаў). У будынку кляштара абсталяваліся расійскія вайскоўцы. Касцёл жа атрымаў статус парафіяльнага. Падчас Другой сусветнай вайны бернардынскі комплекс часткова згарэў. Аднаўленчыя працы пачалі хутка, і ўжо ў 1946 годзе святыню аднавілі. У савецкі час у касцёльных будынках змяшчалася бюро судова-медыцынскай экспертызы і санэпідэмстанцыя.
З 1 верасня 1990 года ў будынку кляштара размясцілася каталіцкая вышэйшая духоўная семінарыя. У 1995 годзе распачалі рамонт касцёла, а ў 2009 годзе — аднавілі і пафарбавалі вежу.
Сярод асаблівых каштоўнасцей касцёла — 12 скульптур апосталаў на паўднёвай сцяне, а на паўночнай — 12 гістарычных дзеячаў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.
Дата публікацыі: 19.08.2020.
Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму