Кляштар бернардынцаў


Other, krokapp.byhttps://krokapp.by/media/

Кляштар бернардынцаў пабудаваны ў 1809 годзе з цэглы на высокім беразе ракі Дубровенкі на месцы драўлянага кляштара 1630 года. З’яўляецца помнікам архітэктуры барока.

Драўляны касцёл і кляштар у Дуброўне былі пабудаваныя ў 1630 годзе ў стылі барока. Касцёл быў прамавугольны ў плане будынак, завершаны двухсхільным дахам. Галоўны фасад фланкіравалі дзве вежы. Да бакавога фасада касцёла прылягаў двухпавярховы будынак кляштара і такім чынам утвараўся закрыты ўнутраны двор.

Увесь гэты драўляны комплекс быў знішчаны пажарам у канцы XVIII стагоддзя. На ягоным месцы ў 1809 годзе былі пабудаваныя кляштар з касцёлам бернардынцаў. Кляштар ўяўляў сабой двухпавярховы мураваны будынак  накрыты двухсхільным дахам. У архітэктуры кляштара выявіліся асобныя рысы стылю барока. Пасля паўстання 1830–1831 гадоў бернардынцы былі выгнаныя з Дуброўны, кляштар быў зачынены, а касцёл стаў парафіяльным.

У 1930 годзе ў рэчышчы антырэлігійнай палітыкі савецкай улады парафіяльны касцёл быў закрыты і аддадзены пад Дом культуры. Праз некаторы час касцёл быў перабудаваны пад кінатэатр, а потым знішчаны. Такім чынам, застаўся толькі будынак кляштара, які займалі адміністрацыйна-грамадскія ўстановы. На сёння гэты будынак не выкарыстоўваецца.

Дата публікацыі: 15.08.2020.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць