Сядзібны комплекс Антановічаў-Чацвярцінскіх быў пабудаваны ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Ён знаходзіўся ў паўночнай частцы Скідзеля. Акрамя самой сядзібы ў яго ўваходзілі парк, гаспадарчыя і жыллёвыя пабудовы, а таксама касцёл.
На сёння захаваліся частка фундамента сядзібнай пабудовы, парк і касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, вадзяны млын і брама на ўваходзе ў парк. Сядзібны дом згарэў у 1920 годзе.
Знешні выгляд сядзібнага дома можна ўявіць дзякуючы фотаздымкам: масіўная каланада на ўваходзе, шырокі аднапавярховы будынак з надбудаваным флігелем. Вежы рознай вышыні пабудаваныя з чырвонай цэглы, былі ўпрыгожаны шатровымі дахамі, вокны нагадвалі байніцы.
Навокал маёнтка быў разбіты парк у англійскім стылі. Уваход у паркавую зону быў аформлены дзвюма брамамі, якія захаваліся да нашых часоў. Па сярэдзіне парка працякае рака Скідзялянка. Яна падзяляе сядзібны комплекс на дзве часткі: на рэлігійную і жылую. Каля фамільнага касцёла знаходзіцца пахавальня Антановічаў-Чацвярцінскіх. Вадзяны млын, жыллёвыя і гаспадарчыя пабудовы дайшлі да нас у змененым выглядзе. У савецкі час будынкі былі часткова разабраныя. У памяшканні млына сёння размешчаны гарадскі аддзел міліцыі.
Дата публікацыі: 20.07.2020.
Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму