Парк Жылібера названы ў гонар французскага вучонага, жыццё якога было непарыўна звязаным з Гроднам.
Жан Эмануіл Жылібер – французскі батанік, медык і біёлаг. У 1770-х гадах Жылібер прыехаў у Гродна па запрашэнні гродзенскага старасты Антонія Тызенгаўза. У 1776 годзе Жылібер падпісаў з Тызенгаўзам дзесяцігадовы кантракт, па якім абавязаўся заняцца заснаваннем ветэрынарнай і лекарскай школ, арганізаваць батанічны сад, працягваць доктарскую практыку і пісаць навуковыя працы.
Стараннямі Жана Эмануіла Жылібера ў Гродне была адкрыта першая вышэйшая навучальная ўстанова – медыцынская акадэмія. На жаль, яна праіснавала толькі да 1781 года. Разам з вучнямі Жылібер збіраў гербарый, а даследаванне мясцовых раслін вылілася ў навуковую працу. Пры адкрытай ім акадэміі паспяхова працавала аптэка, каля якой быў уладкаваны агарод з лекавымі травамі.
Сад, закладзены Жыліберам, добра прыжыўся. Да 1777 года тут паспяхова вырасла больш за 1200 экзатычных для Беларусі раслін. Праз год такіх раслін было ўжо 2000. Да нашага часу расліны не захаваліся. Аднак на месцы некалі найбагацейшага батанічнага сада цяпер размясціўся маляўнічы гарадскі парк. Зараз у парку пракладзены тратуары, працуюць дзіцячыя атракцыёны і каляровы музычны фантан. У савецкія гады парк называўся «Стары». У незалежнай Беларусі Стары парк у Гродне перайменавалі ў Парк Жылібера, а на ўваходзе усталявалі скульптуру Жана Эмануіла Жылібера.
Дата публікацыі: 11.06.2020.
Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму