Архікафедральны касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі – гэта адзін з асноўных каталіцкіх храмаў Рэспублікі Беларусь. Гэты касцёл размешчаны ў самым сэрцы гістарычнага цэнтра горада Мінска, непадалёк ад мінскай Ратушы.
У першай палове XVIII стагоддзя ў Мінску паўстаў велічны ансамбль калегіума езуітаў, які завяршыў фарміраванне архітэктурнага комплексу галоўнай рыначнай плошчы горада. Цэнтральнае месца ў ансамблі займаў касцёл Ісуса, Марыі і Святой Барбары. Праект гэтай святыні быў распрацаваны ў Рыме ў 1699 годзе. Падмуркі касцёла езуітаў былі ўрачыста закладзены ў 1700 годзе, а 16 красавіка 1710 года святыню кансекраваў віленскі біскуп Канстанцін Казімір Бжастоўскі. Аднак касцёльныя вежы былі закончаны толькі ў 1730 годзе. На адной з вежаў быў усталяваны гадзіннік, прывезены з Данцыга.
Касцёл езуітаў уяўляў сабой трохнефавую шасціслуповую базіліку. Абапал апсіды ў бакавых нефах знаходзіліся дзве капліцы. Галоўны дзвюхвежавы фасад храма выходзіў на плошчу.
У 1773 годзе калегіум езуітаў быў ліквідаваны, а касцёл ператвораны ў парафіяльны. У 1798 годзе ў межах Мінскай губерні была створана Мінская рымска-каталіцкая дыяцэзія. Дзякуючы намаганням першага мінскага біскупа Дадэркі былы касцёл езуітаў стаў кафедральным.
У 1869 годзе Мінская дыяцэзія была скасавана і касцёл зноў апынуўся ў рангу парафіяльных. Толькі ў лістападзе 1917 года дзейнасць Мінскай дыяцэзіі на некаторы час была адноўлена. У 1934 годзе ў рэчышчы антырэлігійнай палітыкі савецкай улады Мінскі кафедральны касцёл быў зачынены і выкарыстоўваўся пад складскія памяшканні.
Падчас Другой сусветнай вайны нямецкія акупацыйныя ўлады дазволілі аднавіць набажэнствы ў касцёле, але ў 1947 годзе храм зноў быў зачынены i перададзены пад дом фiзкультуры.
Нягледзячы на тое, што яшчэ ў 1926 годзе мінскі кафедральны касцёл быў прыняты пад дзяржаўную ахову як помнік архітэктуры, у 1951 годзе паводле праекта архітэктара Мікалая Драздова будынак былога касцёла быў перабудаваны пад спартыўны комплекс таварыства «Спартак». Падчас гэтай рэканструкцыі былі разабраны верхнія ярусы вежаў, цалкам перароблены інтэр’еры, якія былі падзелены на некалькі паверхаў, а да галоўнага фасада прыбудаваны новы аб’ём.
На пачатку 90-х гадоў XX стагоддзя будынак Мінскага кафедральнага касцёла быў перададзены вернікам. З 1994 да 1997 года праводзіліся рэстаўрацыйныя работы. 21 кастрычніка 1997 года Мінскі архікафедральны касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі быў урачыста асвечаны.
Дата публікацыі: 17.02.2020.
Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму