Плошча Свабоды – гэта не проста архітэктурны і гістарычны помнік. Гэта комплекс гістарычных аб'ектаў, славутасцяў і цікавых куткоў.
Плошча Свабоды размешчана на ўзвышаным беразе ракі Свіслач, як адміністрацыйны, гандлёвы і культурны цэнтр яна пачала фарміравацца ў XVI стагоддзі. Да 1860-х гадоў яна называлася «Верхні рынак», пасля была перайменавана ў «Саборную плошчу». З 1917 па 1933 год называлася «Пляц Волі».
На сённяшні дзень цэнтральнае месца на плошчы Свабоды займае гарадская Ратуша. Яна была адноўлена ў 2004 годзе па рысунках XIX стагоддзя. Адноўлены будынак Ратушы вянчае 32-метровая вежа з гадзіннікам і гербам Мінска.
З паўночнага боку плошчы да Ратушы прымыкае адрэстаўраваны будынак Гасціннага двара. Дзякуючы гэтаму двару і гандлёвым шэрагам плошча Вехняга рынку стала асноўным гандлёвым цэнтрам Мінска.
Культурным цэнтрам плошча лічылася з-за таго, што тут былі сканцэнтраваны амаль усе тэатральныя будынкі старога Мінска. На жаль, яны не захаваліся.
Архітэктурны ансамбль плошчы давяршаюць кампактна размешчаныя хрысціянскія храмы. Ад ранейшага езуіцкага калегіума на сёння застаўся адноўлены будынак касцёла Дзевы Марыі і істотна зменены будынак езуіцкай школы.
Большую частку плошчы Свабоды некалі займалі манастыры: бернардынскі, базыльянскі, дамініканскі. Дамініканскі манастыр да нашых дзён не захаваўся, але астатнія дайшлі да нас у вельмі перабудаваным выглядзе. Нават сучасная дамінанта плошчы Свабоды – праваслаўны Свята-Духаў кафедральны сабор – гэта былы касцёл жаночага бернардынскага манастыра.
Дата публікацыі: 17.02.2020.
Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму