Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі


Other, krokapp.byhttps://krokapp.by/media/sound/f4f8093f-0e37-475d-8ec8-9311187c3584.mp3

Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі – адзіны оперны тэатр і найбуйнейшы тэатр краіны. Будынак тэатра мае статус помніка архітэктуры нацыянальнай значнасці.

Тэатр оперы і балета ў Мінску адкрыўся 25 мая 1933 года. У першыя гады існавання оперная трупа не мела свайго будынка і паказы адбываліся на сцэне Беларускага драматычнага тэатра. Будынак тэатра оперы і балета быў закладзены 11 ліпеня 1933 года. Будаўніцтва скончылася ў 1938 годзе. Ён быў пабудаваны ў стылі даваеннага канструктывізму паводле праекта вядомага архітэктара Іосіфа Лангбарда.

У часы Другой сусветнай вайны нямецкія акупанты вывезлі з тэатра дэкарацыі, мэблю, музычныя інструменты і нотную бібліятэку. Сам будынак тэатра быў моцна пашкоджаны: у яго патрапіла авіябомба.

Тэатр быў адноўлены ў 1947 годзе. Першая опера, якая была пастаўлена ў рэканструяваным будынку – “Кастусь Каліноўскі” Дзмітрыя Лукаса.

У 1940 годзе тэатр атрымаў званне “Вялікі”, а ў 1964 годзе – стаў “акадэмічным”.

У незалежнай Беларусі адбылася другая вялікая рэканструкцыя тэатральнага будынка. У выніку тэатру быў вернуты першапачатковы выгляд згодна праекту Іосіфа Лангбарда. Рэстаўрацыйныя працы пачаліся ў 2006 годзе, працягваліся тры гады, і 8 сакавіка 2009 года тэатр зноў адчыніў дзверы для гледачоў.

 

Дата публікацыі: 10.02.2020.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць