Сабор святых апосталаў Пятра і Паўла


Other, krokapp.byhttps://krokapp.by/media/sound/f07068be-e4d7-4a59-bbbc-6d5548b51249.mp3

Сабор святых апосталаў Пятра і Паўла – гэта адзіны помнік архітэктуры эпохі Рэнесансу і Рэфармацыі, які захаваўся ў Мінску. Ён унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

Сабор святых апосталаў Пятра і Паўла – самы старажытны храм Мінска. Сабор быў заснаваны ў 1612 годзе на добраахвотныя ахвяраванні 52 вернікаў са шляхты і месцічаў Мінскага ваяводства. Храм быў узведзены ў канцы 1620-х гадоў як царква Мінскага Петрапаўлаўскага праваслаўнага мужчынскага манастыра.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай Мінск апынуўся ў складзе Расійскай імперыі. У 1793–1795 гадах храм быў адрэстаўраваны на сродкі, выдаткаваныя Кацярынай II. У 1795 годзе храм быў асвечаны ў імя святой вялікапакутніцы Кацярыны. Ён стаў гарадскім саборам і пачаў называцца Свята-Кацярыненскім. У 1870–1871 гадах храм быў істотна перабудаваны і адрэстаўраваны.

Восенню 1933 года ў рэчышчы антырэлігійнай палітыкі савецкай улады храм быў закрыты, а святары арыштаваныя і расстраляныя. Памяшканне храма было прыстасавана пад склад харчовых прадуктаў.

Падчас нямецкай акупацыі ў снежні 1941 года набажэнствы ў храме былі адноўленыя. Сабор зноў пачаў называцца Свята-Петра-Паўлаўскім. Набажэнствы працягваліся да снежня 1944 года, калі сабор зноў быў закрыты савецкімі ўладамі. У пасляваенны час храм быў прыстасаваны пад жыллё, потым пад Архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі БССР і Архіў-музей літаратуры і мастацтва БССР.

7 снежня 1991 года ў незалежнай Беларусі набажэнствы ў храме аднавіліся, а сабор быў зноў асвечаны ў імя святых апосталаў Пятра і Паўла. У 1997 годзе Петрапаўлаўская царква была перабудавана.

На сёння царква адрэстаўраваная, яе вежы атрымалі шатровае завяршэнне, а фасады вызваліліся ад пазнейшых прыбудоў.

Петрапаўлаўскі сабор унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.

Дата публікацыі: 07.02.2020.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць