Ратуша


Other, krokapp.byhttps://krokapp.by/media/sound/ddeaac86-2381-43d2-8cad-3e5870b9b546.mp3

Магілёўская ратуша — помнік архітэктуры ў цэнтральнай частцы Магілёва, сімвал горада. Існавала ў XVII—XX стагоддях, у 2008 годзе была адноўлена.

У 1578 годзе, праз год пасля атрымання горадам граматы на магдэбургскае права, у Магілёве пачалі ўзводзіць гарадскую ратушу. Першапачаткова ратуша была драўлянай, таму неаднаразова згарала.

У верасні 1679 года пачалі будаваць мураваную ратушу на Гандлёвай плошчы. Асноўны корпус дабудавалі ў 1681 годзе. Першая вежа абвалілася. Новую 8-гранную 5-ярусную вежу вышынёй 46 метраў узведзена ў 1692 годзе. Разам са званіцай Богаяўленскага сабора вежа ратушы з’яўлялася асноўнай вертыкальнай дамінантай горада.

Падчас Паўночнай вайны ў верасні 1708 года ратуша згарэла, але яе хутка аднавілі. А ў 1733 годзе ратушу капітальна перабудавалі. Будынак быў самым высокім у горадзе.

Падчас Другой сусветнай вайны будынак ратушы быў моцна пашкоджаны. 28 снежня 1952 года на нарадзе архітэктараў БССР па ахове помнікаў архітэктуры прынялі рашэнне аднавіць яе. У 1953 годзе рашэннем мясцовых уладаў будынку ратушы надалі статус помніка архітэктуры. Аднак рэстаўрацыю не паспелі пачаць, у ліпені 1957 года будынак ратушы ўзарвалі.

У 2008 годзе ў незалежнай Беларусі адбылося ўрачыстае адкрыццё адбудаванай Магілёўскай ратушы.

Ратуша сёння ‑ гэта мураваны двухпавярховы будынак з васьміграннай пяціяруснай вежай пасярэдзіне галоўнага фасада. Вышыня ратушы складае 14 метраў, вышыня вежы — 47 метраў 30 сантыметраў. Фасады ратушы адноўлены паводле ўзору сярэдзіны ХVІІІ стагоддзя. На самым версе 47-метровай вежы ўсталяваны ўнікальны механічны гадзіннік, выраблены магілёўскім гадзіннікавым майстрам Генадзем Галоўчыкам. У 2014 годзе на ратушнай вежы з’явілася механічная фігура гарадскога трубача. Аўтарам ідэі і выканаўцам механічнай часткі стаў Генадзь Галоўчык, а аўтарам мастацкай часткі — магілёўскі скульптар Андрэй Вераб’ёў.

Дата публікацыі: 12.06.2017.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць