Будынак, дзе праводзіў набажэнствы пастар Лукаш Дзекуць-Малей


Other, krokapp.byhttps://krokapp.by/media/sound/11119b31-8b44-4ab4-8934-5555823f34a2.mp3

Мемарыяльнае месца, прысвечанае пачатку служэння ў Брэсце першага перакладчыка Бібліі на сучасную беларускую мову – пастара Лукаша Дзекуць-Малея.

У пачатку 1920-х гадоў гэта быў будынак гарадской гасцініцы, які размяшчаўся на рагу вуліц Міцкевіча і Дамброўскага (цяпер Міцкевіча і Савецкай). У падвале гэтага будынка ў 1922 годзе адбываліся адны з першых публічных набажэнстваў, якія праводзіў пастар Лукаш Дзекуць-Малей у Брэсце. Арэндаванае памяшканне змяшчала да 100 чалавек адначасова, але царква хутка расла, і ў 1926 годзе пачала будаваць уласны малітоўны дом на вуліцы Шырокай (раён цяперашняга скрыжавання Пушкінскай вуліцы і бульвара Касманаўтаў).

Лукаш Дзекуць-Малей – адзін з самых вядомых беларускіх пастараў часоў Вялікага евангельскага прабуджэння. Ён нарадзіўся 1 кастрычніка 1888 года на Слонімшчыне, але самыя плённыя гады свайго жыцця правёў у Брэсце. У горад над Бугам ён прыехаў у 1921 годзе, пасля таго, як польскія ўлады забаранілі яму жыць на Гродзеншчыне, дзе пастар адкрыў шмат беларускіх школ. У Брэсце Л. Дзекуць-Малей заняўся стварэннем баптысцкай царквы, якая ў 1930-х гадах стала адной з найбольшых у Еўропе. Тут ён таксама працаваў над перакладам Бібліі на сучасную беларускую мову. Пераклад Новага Запавету і Псалмаў у 1931 годзе выйшаў з друку незвычайна вялікім для таго часу накладам у 25 тысяч асобнікаў. У справе перакладу Лукашу Дзекуць-Малею дапамагала яго жонка Серафіма і адзін з лідараў беларускага нацыянальнага руху Антон Луцкевіч.

Пасля Другой сусветнай вайны Лукаш Дзекуць-Малей быў вымушаны выехаць у Польшчу, дзе працягнуў сваё служэнне Богу і людзям. Памёр ён у Гданьску ў 1955 годзе, дзе і быў пахаваны. У 2006 годзе гданьская мэрыя надала адной з вуліц горада імя Лукаша Дзекуць-Малея.

Дата публікацыі: 15.07.2019.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць