“Форт нумар пяць” – унікальны помнік фартыфікацы канца ХІХ-пачатку ХХ стагоддзя. Ён знаходзіцца за тры кіламетры паўднёвей Брэсцкай крэпасці. Акрамя архітэктуры і гісторыі, гэта ўмацаванне ўнікальна прыродным багаццем. Там растуць разнастайныя расліны і жывуць рэдкія віды кажанаў.
Форт нумар пяць пабудаваны ў 1879–1880 гадах як перадавое ўмацаванне Брэсцкай крэпасці. У ходзе мадэрнізацыі 1886–1889 гадоў у форце была пабудавана казарма.
Для абстрэла вадзянога рва былі пабудаваныя два капаніры (на 6 і 4 гарматы) і два паўкапаніры (на 3 гарматы кожны).
У 1906–1913 гадах пад кіраўніцтвам ваеннага інжынера Івана Бялінскага форт быў перабудаваны. Былі перабудаваныя капаніры і паўкапаніры, зроблены падземныя бетонныя калідоры і баявыя сховішчы для пяхоты і артылерыі. Былі ўзведзеныя тры пасты назірання.
Падчас Першай сусветнай вайны, у жніўні 1915 года форт, як і іншыя ўмацаванні Брэст-Літоўскай крэпасці, быў пакінуты расійскай арміяй. Большая частка крапасных фортаў была падарвана расійскімі сапёрамі пры адступленні, аднак пяты форт застаўся цэлы. З 1915 па 1918 гады ў форце былі размешчаны кайзераўскія войскі. З 1921 па 1939 год, калі Брэст быў цэнтрам Палескага ваяводства Польшчы, у пятым форце знаходзіліся інтэнданцкія склады 9 акругі польскай арміі. З красавіка 1941 года ў пятым форце знаходзіўся батальён савецкай арміі.
22 чэрвеня 1941 года ў ходзе бою форт быў захоплены часцямі нямецкага вермахта. У ліпені 1944 года сюды зноў вярнуліся савецкія вайскоўцы. Пасля вайны ў форце размяшчаліся ваенныя склады, а пачынаючы з 1970-х гадоў форт не выкарыстоўваўся для ваенных мэтаў.
У 1995 годзе Пяты форт быў уключаны ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. З 1 мая 1999 года ён стаў філіялам мемарыяльнага комплекса “Брэсцкая крэпасць – герой”.
Дата публікацыі: 11.07.2019.
Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму