Кляштар Святога Крыжа – кляштар картузаў


Other, krokapp.byhttps://krokapp.by/media/

З XVII стагоддзя да 1940 года гэты населены пункт называўся Бяроза-Картузская або Картуз-Бяроза. Такая назва з’явілася дзякуючы знаходжанню ў мястэчку адзінага ў Вялікім Княстве Літоўскім кляштара картузаў.

З XVII стагоддзя да 1940 года гэты населены пункт называўся Бяроза-Картузская або Картуз-Бяроза. Такая назва з’явілася дзякуючы знаходжанню ў мястэчку адзінага ў Вялікім Княстве Літоўскім кляштара картузаў.

Бярозаўскі кляштар картузаў будаваўся ў 1648–1689 гадах на сродкі падканцлера ВКЛ Казіміра Льва Сапегі. У 1661 годзе пад кіраўніцтвам невядомага архітэктара з Варшавы было скончана будаўніцтва мураванага касцёла ў стылі барока – трохнефавай базілікі з трыма апсідамі і вежай-званіцай прыбудаванай да сярэдняй апсіды. У комплекс уваходзілі аднатыпныя групы жылых карпусоў, прыстасаваныя для адзіночнага жыцця манахаў, і гаспадарчы будынкі. Былі бібліятэка, майстэрня, сады і агароды. Кляштарны комплекс быў абнесены мураванай сцяной з пяццю вежамі і брамай. Па-за сценамі кляштара знаходзіліся лазарэт і дом лекара.

Каталіцкі манскі ордэн картузаў быў заснаваны ў 1084 годзе ў гарыстай мясцовасці каля Грэнобля. Строгія правілы (зарокі самотнасці і маўчання, абавязковыя заняткі духоўным удасканаленнем, малітва, пакаянне, фізічная праца, а таксама істотныя абмежаванні ў ежы) зрабілі ордэн адносна нешматлікім і, у пэўнай ступені, элітарным.

У 1830 годзе храм быў накрыты ліставой меддзю, а падлога выкладзена шведскім мармурам. Звычайна ў кляштары пражывала 14–16 манахаў. Частка манахаў узяла ўдзел у паўстанні 1830–1831 гадоў, што дало падставу расійскім уладам закрыць кляштар. Кляштарны касцёл стаў паравіяльным, але і ён быў закрыты ў 1866 годзе. У 1868 годзе быў зруйнаваны будынак касцёла. На яго месцы ў 1905–1907 гадах была пастаўлена невялікая капліца.

У час знаходжання Заходняй Беларусі ў складзе Другой Рэчы Паспалітай у Бярозе існаваў лагер для палітычных зняволеных, на будаўніцтва якога выкарыстоўвалася цэгла з кляштарных муроў. Пасля Другой сусветнай вайны на тэрыторыі былога кляштара доўгі час размяшчалася аўтагаспадарка вайсковай часткі. На наш час ад кляштару картузаў захаваліся толькі рэшткі ўязной брамы, вежы-званіцы, шпіталя і частка сцяны з адной з вуглавых вежаў. 

Дата публікацыі: 25.01.2019.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць