Шклоў. Ратуша

Ратуша ў Шклове – адна з нешматлікіх, што захаваліся ў Беларусі.

Гарадскія ратушы былі галоўнымі будынкамі большасці еўрапейскіх гарадоў. У 1762 г. Шклоў атрымаў Магдэбургскае права – права горада на самакіраванне. Разам з гэтым прывілеем у горада з’явіліся ўласны герб і пячатка. На працягу 1770–1772 гг. у горадзе была пабудавана рынкавая плошча з гандлёвымі радамі і ратушай. Будынак ратушы, як і гандлёвыя рады, быў выкананы ў стылі класіцызму. Ратуша ўяўляла сабой двухпавярховае збудаванне з высокай вежай пасярэдзіне і са скразным праездам. Памеры гандлёвых радоў на той час былі значнымі – шэсцьдзясят на семдзясят метраў. На гэтай адносна невялікай плошчы размяшчалася каля 100 гандлёвых лавак. Падчас Другой сусветнай вайны ратуша была моцна пашкоджана. Намаганні аднавіць будынак ратушы, каб уключыць яе ў спіс архітэктурных помнікаў, працяглы час не прыносілі плённу з-за адсутнасці фінансавых сродкаў. Толькі ў 1999 г. ратуша была адрэстаўравана, а праз год наноў былі адбудаваны гандлёвыя рады. На сёння ў новым будынку размяшчаецца гімназія, а ў самой ратушы – школьны музей.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць