Стоўбцы. Сядзіба "Акінчыцы"

Кароткі тэкст:

Сядзіба "Акінчыцы" – месца нараджэння Якуба Коласа, народнага паэта Беларусі, аднаго з заснавальнікаў сучаснай беларускай літаратуры.

Асноўны тэкст:

Назва “Акінчыцы” пайшла ад прозвішча шляхціца Акінчыца, які атрымаў у дар ад князя Радзівіла гэтае паселішча (засценак). Акінчыцы былі першым месцам службы лесніка Міхала Міцкевіча бацькі Якуба Коласа. Сям’я Міцкевічаў пасялілася тут у 1881 годзе, а 3 лістапада 1882 года ў Акінчыцах нарадзіўся будучы народны паэт Беларусі. Якуб Колас (сапраўднае імя Канстанцін Міцкевіч) стаў не толькі паэтам, празаікам, драматургам, крытыкам, вучоным, але па праве лічыцца аднім з заснавальнікаў сучаснай беларускай літаратуры. У 1977 годзе Акінчыцы былі ўключаны ў межы горада Стоўбцы. А ў 1982 годзе, да 100-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа, сядзіба была адноўлена ў адпаведнасці з архіўнымі дакументамі, а яе інтэр’ер аднаўляўся паводле ўспамінаў сваякоў паэта і мясцовых жыхароў. Зараз Акінчыцы – мемарыяльная сядзіба, музей, які варта наведаць, бо ў ім можна пабачыць прадметы, якімі карысталіся больш за 130 год таму, паглядзець на побыт беларускай сям'і канца ХІХ стагоддзя.

Каб праслухаць аўдыёпаведамленне, выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць