Заслаўе. Этнаграфічны комплекс “Млын”


Other, krokapp.byhttps://krokapp.by/media/

Этнаграфічны комплекс “Млын” — аб’ект гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Заслаўе”.

Паравы млын у Заслаўі — унікальны помнік мукамольнай вытворчасці пачатку XX стагоддзя. Ён быў пабудаваны ў 1910 годзе на сродкі заможнага жыхара горада Мяхедка-Савіцкага і ўяўляе сабой драўляны трохпавярховы будынак. Спачатку млын працаваў ад моцы паравога рухавіка, так званага лакамабіля, на драўляным паліве. Каля 80 гадоў млын паслухмяна служыў заказчыкам, аднак з цягам часу яго рэсурс быў выраблены. Пасля рэстаўрацыі ў 1990 годзе ён стаў цэнтральным аб’ектам этнаграфічнага комплексу гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Заслаўе”.

Побач з млынам размешчаны музей “Хата завозніка”, на тым самым месцы, дзе яна стаяла ў пачатку ХХ стагоддзя. У памяшканнях узноўлены тагачасны інтэр’ер. У сенцах знаходзяцца невялікая печ, вуглавая шафа, паліцы з керамічным, медным і латуневым посудам, стол з самаварам, падвесны рукамыйнік. На сценах вісяць бурносы (зімовая вопратка з саматканага сукна), а таксама прыстасаванні конскай вупражы. У белым пакоі знаходзяцца кафляная печ, палаці з сеннікамі, канапа і нямецкі маятнікавы гадзіннік, на покуці — абвіты ручніком абраз, падлога заслана дашчаным памостам, сцены атынкаваны і пабелены.

Таксама ля млына знаходзіцца драўляны свіран (пабудова, якая выкарыстоўвалася для захавання прадуктаў і побытавых рэчаў), які стаіць на каменным падмурку. Яго галоўны фасад уяўляе сабой галерэю з балконам, парэнчы ўпрыгожаны разьбой. Унутры, уздоўж сцен, цягнуцца засекі для збожжа.

Састаўной часткай музейнага комплексу з’яўляецца музей “Кузня”, размешчаны ў будынку, перавезеным з вёскі Камень Валожынскага раёна. Інтэр’ер складаецца з горна, мяхоў, калоды з аднарогім кавадлам, ручнога тачыльнага і свідравальнага станкоў, шматлікіх інструментаў: малаткоў, абцугоў. Побач з кузняй загон для коней. Тут жа на зямлі ляжыць жорнападобны камень, прыстасаваны для набіўкі на драўляныя колы калёс жалезных абручоў.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць