Заслаўе. Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі


Other, krokapp.byhttps://krokapp.by/media/

Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Заслаўі, пабудаваны ў стылі барока, славіцца сваёй вытанчанай прыгажосцю.

Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі быў пабудаваны ў 1774 годзе. Фундатарам быў гаспадар мястэчка, падканцлер літоўскі, граф Антоній Пшаздзецкі. Хто быў аўтарам праекта дакладна невядома. Існуюць дзве версіі: хутчэй за ўсё яго мог узвесці Карла Спампані, які працаваў у Заслаўі і, у прыватнасці, узвёў для Пшаздзецкага палац. З іншага боку, аўтарам праекта касцёла мог быць таксама іншы італьянскі дойлід — Паола Фантана.

Познебарочны храм вырашаны ў форме аднанефнага збудавання з паўкруглай апсідай і дзвюма сакрыстыямі. У выніку перабудовы пад праваслаўную царкву ў ХІХ стагоддзі хвалепадобны барочны шчыт быў заменены на невысокую вежу-званіцу, а над асноўным аб’ёмам быў узведзены вялікі сферычны купал. Вельмі цікавае вонкавае вырашэнне храма: галоўны і бакавыя фасады падзелены гарызантальным поясам на два паверхі. Сцены храма дасягаюць таўшчыні 2 метраў, таму ўнутраны аб’ём вельмі невялікі. Пад храмам размяшчаюцца скляпенні, у якіх у 1860—1870 гадах была створана крыпта.

З 1850 года Заслаўе перайшло да Прушынскіх. Але яны за ўдзел у паўстанні 1863—1864 гадоў былі пазбаўленыя маёмасці. Пасля паўстання касцёл быў пераўтвораны расійскімі ўладамі ў праваслаўную царкву Раства Багародзіцы. Гэты праваслаўны храм дзейнічаў да 1941 года. Падчас Другой сусветнай вайны будынак царквы Раства Багародзіцы моцна пацярпеў. У пасляваенныя гады храм быў закрыты. Толькі ў 1988 годзе пачалася рэстаўрацыя. Пасля яе храм быў вернуты каталікам.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць