Свята-Міхайлаўскі кафедральны сабор


Other, krokapp.byhttps://krokapp.by/media/sound/f8b0e523-4ff3-420c-8a1c-a2d5c0b87a4a.ogg

Свята-Міхайлаўскі кафедральны сабор (першапачаткова касцёл Святога Іосіфа) — праваслаўная царква, помнік архітэктуры класіцызму. З'яўляецца рэдкім прыкладам царквы-ратонды ў каталіцкім дойлідстве.

Касцёл Святога Іосіфа пры лідскім кляштары піяраў быў пабудаваны ў 1797—1825 гадах. На будаўніцтва гэтага храма расійскі імператар Павел І выдаткаваў 5000 рублёў. Кляштар піяраў быў закрыты ў 1832 годзе, пасля паўстання 1830—1831 гадоў. Касцёл Святога Іосіфа ў 1842 годзе гарэў. А ў 1863 годзе быў перароблены на праваслаўную царкву Міхаіла Архангела. У 1960-х гадах у рэчышчы антырэлігійнай палітыкі савецкай улады будынак храма быў ператвораны ў планетарый. Падчас перабудовы зруйнавалі цагляную браму, якая была непаўторным упрыгожаннем усёй тэрыторыі. Будынак храма вярнулі праваслаўным у 1996 годзе. 

Мураваны храм-ратонда накрыты паўсферычным купалам, завершаны васьмігранным ліхтаром. Да асноўнага круглага ў плане аб'ёму прылягаюць больш нізкія прамавугольныя ў плане аб'ёмы: прытвор з чатырохкалонным порцікам на галоўным фасадзе і двухпавярховая сакрыстыя па восі ўсход-захад, невялікія рызаліты з поўдня і поўначы. У дэкоры фасадаў выкарыстаны дарычны ордар. Порцік і рызаліты ўвянчаны трохвугольнымі франтонамі. Вокны прамавугольныя. Унутры па перыметры залы размешчаны 8 пар дарычных калон. Побач з касцёлам размешчаны мураваныя аднапавярховы корпус кляштара і аднаярусная званіца.

Дата публікацыі: 18.01.2021.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць