Бабруйск. Алея Праведнікаў

Кароткі тэкст:

Алея Праведнікаў створана ў гонар 15-ці ўраджэнцаў Бабруйшчыны, якія ў гады Другой сусветнай вайны ратавалі габрэйскія сем’і.

Асноўны тэкст:

Алея Праведнікаў створана ў гонар 15-ці ўраджэнцаў Бабруйшчыны, якія ў гады Другой сусветнай вайны ратавалі габрэйскія сем’і. Яна была адкрыта ў 2005 годзе. Арганізатарам ўстаноўкі гэтага помніка выступіла гарадская габрэйская абшчына. Званне «Праведнік народаў свету» было заснавана і прысвойваецца ізраільскім Музеем катастрофы і гераізму габрэйскага народа “Яд Вашэм”. Ізраіль дагэтуль працягвае пошук і ўшанаванне праведнікаў. Ва ўсім свеце да праведнікаў залічана ўжо каля 20.000 чалавек. Прыблізна 500 з іх – з Беларусі.
Даўжыня алеі складае прыкладна 30 м. Уздоўж яе высаджаны 15 елак і вербаў. Побач пакладзена 15 валуноў, на якіх выгравіраваны імёны Праведнікаў народаў свету, якія паходзяць з Бабруйска і вёскі Шчадрын Жлобінскага раёна. У канцы Алеі знаходзіцца вялікі валун вышынёй паўтара метры і шырынёй каля 2 м. Ён адначасова нагадвае і крону дрэва – сімвал працягу жыцця, і разбітае напалову сэрца – сімвал смутку і скрухі. На камяні ёсць надпіс на беларускай і габрэйскай мовах: «Праведнікам народаў свету, людзям, якія з рызыкай для ўласнага жыцця ратавалi габрэяў у гады вайны».

Каб праслухаць аўдыёпаведамленне, выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць