Старажытная вуліца Гродна


Other, krokapp.byhttps://krokapp.by/media/sound/54835c50-ece4-41a3-87a0-180d46c36072.mp3

Вуліца Савецкая (былая Віленская, Саборная, Дамініканская) – адна з самых старых вуліц у Гродне. Вуліца з’яўляецца пешаходнай і мае вялікую гістарычную каштоўнасць, на ёй захавалася амаль уся забудова XIX – пачатку XX стагоддзя. Працягласць вуліцы – каля 500 метраў, ад Савецкай плошчы да вуліцы Ажэшкі.

Вуліца, вядомая з XIV стагоддзя як гандлёвая магістраль, у другой палове XV стагоддзя стала адной з галоўных вуліц правабярэжнай часткі Гродна. Яна вяла ад гарадзенскага Рынка да Віленскага гасцінца і таму называлася “Віленская”. У пачатку XVII стагоддзя на вуліцы былі пабудаваныя: палац князёў Сангушак, палацы Сапегаў і палац князёў Масальскіх. Архітэктурнае аблічча вуліцы дапаўнялі кляштар Святога Духа, пабудаваны каралевай Бонай Сфорцай у сярэдзіне XVI стагоддзя, і дамініканскі касцёл з кляштарам. З помнікаў архітэктуры XVIII стагоддзя захаваўся будынак былой мужчынскай гімназіі ў стылі класіцызму.

У 1864 годзе расійскія ўлады перайменавалі вуліцу ў Сафійскую. У 70-я гады ХІХ стагоддзя на ёй будавалі толькі 2-3-павярховыя мураваныя дамы, пераважна купецкія. У час пажару 1885 года была знішчана і сур’ёзна пашкоджана большая частка будынкаў.

У канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя вуліца змяніла назву на Саборную, а ў міжваенны перыяд – на Дамініканскую. У часы Другой сусветнай вайны вуліца называлася Гіндэнбург штрасэ. У савецкія часы вуліца стала Савецкай.

Падчас Другой сусветнай вайны забудова вуліцы Савецкай была часткова пашкоджана, але найбольш разбурэнняў адбылося ў пасляваенныя гады. У 1949 годзе зацвердзілі генеральны план рэканструкцыі і развіцця горада Гродна. Згодна з планам, вуліца Савецкая павінна была ператварыцца ў праспект шырынёй 30 метраў. Зносу падлягала ўся гістарычная забудова цотнага боку. На гэтым баку былі пабудаваныя Дом прафсаюзаў і ўнівермаг. Яшчэ далей пайшлі распрацоўшчыкі другога плана 1963 года, згодна з якім Савецкая вуліца павінна была ператварыцца ў бульвар з дзвюма асобнымі палосамі руху. Зносу падлягала большасць гістарычнай забудовы цэнтральнай часткі. У 1960–1970 гадах знеслі вялікую колькасць дваровых флігеляў, некаторыя архітэктурныя фасады былі значна зменены.

У незалежнай Беларусі вуліца стала пешаходнай, каб захаваць тыя гістарычныя будынкі, якія засталіся пасля савецкіх “рэканструкцый”.

Дата публікацыі: 20.08.2020.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць