Новы Замак


Other, krokapp.byhttps://krokapp.by/media/sound/662777a1-f469-46de-a008-3ce05d869d4a.mp3

Новы замак у Гродне ўзвялі непадалёк ад Старога замка па загадзе Польскага Караля і Вялікага Князя Літоўскага Аўгуста III. Гэта месца мела быць летняй рэзідэнцыяй кіраўнікоў Рэчы Паспалітай.

Пасля таго, як у час Вялікай паўночнай вайны Стары замак моцна пацярпеў, было вырашана ўзвесці новы палац, які атрымаў назву “Новы замак”. Ён планаваўся як каралеўская рэзідэнцыя і месца правядзення генеральных соймаў Рэчы Паспалітай. Будаўніцтва вялося з 1737 па 1742 год пры Аўгусце ІІІ. Будынак Новага замка быў суразмерны і велічны, вытрыманы ў стылі позняга барока. З-за таго, што палац пабудавалі насупраць Старога замка, за ім замацавалася назва Новы замак. Архітэктары здолелі аб’яднаць Стары і Новы замкі ў адзін палацавы комплекс.

Першы генеральны сойм Рэчы Паспалітай ў Новым замку прайшоў у 1744 годзе, а апошні (“нямы”) – у 1793 годзе. На ім расійскія ўлады прымусілі зацвердзіць другі падзел Рэчы Паспалітай. У 1795 годзе ў Новым замку апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі падпісаў акт адмовы ад трона – і Рэч Паспалітая канчаткова была падзелена паміж Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй. У перыяд Расійскай імперыі ў будынку Новага замка размяшчаўся кадэцкі корпус, а потым – вайсковы шпіталь.

Будынак Новага замка быў моцна пашкоджаны ў 1944 годзе ў час баёў за Гродна. У пасляваенны час замак аднавілі і прыстасавалі пад савецкія адміністрацыйныя ўстановы. У 1991 годзе палац быў перададзены Міністэрству культуры. Сёння ў ім размешчаны гісторыка-археалагічны музей і навуковая бібліятэка.

Дата публікацыі: 20.08.2020.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць