Крэпасць


Other, krokapp.byhttps://krokapp.by/media/sound/f67f0ac9-b1dc-4c8f-b858-e93e0b81375d.mp3

Бабруйская крэпасць – комплекс фартыфікацыйных збудаванняў, узведзеных расійскімі ўладамі ў пачатку ХІХ стагоддзя на далучанай імі тэрыторыі Беларусі.

Бабруйская крэпасць была закладзена ў 1807 годзе на месцы Бабруйскага замку. Будаўніцтва праходзіла ў два этапы: з 1807 па 1812 гады і з 1812 па 1836 год. У будаўніцтве ўдзельнічалі тысячы салдат і сялян, выкарыстоўваліся найноўшыя дасягненні еўрапейскага ваеннага мастацтва. Цытадэль была прылічана да першага класа абарончых збудаванняў Расійскай імперыі. Яе тэрыторыя складала больш за сто гектараў. Бабруйская крэпасць была адным з важных пунктаў расейскага афіцэрскага руху дзекабрыстаў, якія выступалі за ліквідацыю манархіі і пераход да рэспубліканскага ладу кіравання. У 1823 годзе яны распрацавалі план арышту цара Аляксандра І, калі той наведваў крэпасць. Пасля задушэння руху дзекабрыстаў крэпасць была ператворана ў катаржную турму. У выніку паражэння нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863 – 1864 гадоў у Бабруйскай крэпасці былі зняволеныя больш за 2 тысячы беларускіх паўстанцаў. На сённяшні дзень з бастыёнаў цытадэлі захавалася менш за палову, гэта каля 50 аб'ектаў, і ўсе моцна пашкоджаныя.

Дата публікацыі: 12.06.2017.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць