Замкавы комплекс «Мір»


Other, krokapp.byhttps://krokapp.by/media/

Замкавы комплекс «Мір», або Мірскі замак, – гэта ўнікальны помнік беларускай нацыянальнай культуры і шэдэўр беларускай архітэктуры. Ён уваходзіць у Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА і з'яўляецца нацыянальным сімвалам і аб'ектам нацыянальнага гонару.

Замкавы комплекс «Мір» уключае ў сябе замак XVI стагоддзя, валы XVI – XVII стагоддзяў, сажалку канца ХІХ стагоддзя, прыдарожную каплічку, капліцу-пахавальню князёў Святаполк-Мірскіх з домам вартаўніка і брамай, пейзажны і рэгулярны паркі, дом аканома.

Пабудаваны ў пачатку XVI стагоддзя магнатам Юрыем Іванавічам Ільінічам, Мірскі замак стаў першым прыватнаўласніцкім замкам на землях Беларусі. З 1568 года ён належаў князям Радзівілам, а ў ХІХ стагоддзі – Вітгенштэйнам і Святаполк-Мірскім.

Мірскі замак з'яўляецца самым усходнім гатычным збудаваннем, а таксама самым буйным узорам самабытнай беларускай готыкі. Замак у плане блізкі да квадрата са стараной каля 75 метраў, па вуглах мае пяціпавярховыя вежы вышынёй 25–27 метраў, якія выходзяць за межы сцен. Пятая вежа шасціпавярховая, з уязной брамай.

Для свайго часу гэта было магутнае ваеннае збудаванне, дзе былі прыменены амаль усе вядомыя элементы фартыфікацыі.

Практычна ўсе войны, якія адбываліся на беларускай зямлі, пачынаючы з расійскага «патопу» сярэдзіны XVII стагоддзя і да вайны 1812 года, так ці інакш задзейнічалі замак. Неаднойчы яго бралі ў аблогу і штурмавалі, неаднаразова ён быў пашкоджаны.

Аднаўленні і перабудовы замка не ўнеслі значных змен у яго аб’ёмна-планавую і кампазіцыйную сістэмы. Мірскі замак захаваў свае першапачатковыя стылістычныя элементы часоў готыкі і Рэнесансу і набыў новыя рысы, характэрныя для стылістыкі барока і рамантызму. Усё гэта стварыла завершаны вобраз непаўторнага збудавання, якое не мела сабе падобных на землях Прыбалтыкі, Польшчы і Расіі.

З 1989 года замкавы комплекс «Мір» з'яўляўся філіялам Нацыянальнага мастацкага музея. У 2011 годзе ён атрымаў статус самастойнага музея. На сёння ў замку ёсць гатэль, рэстаран і кавярня. Квіток у музей дазваляе, акрамя наведвання залаў унутры замка, абысці галерэі і падняцца ў вежы, дзе размешчана асобная частка экспазіцыі.

Дата публікацыі: 17.08.2020.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць