Касцёл святога Мікалая


Other, krokapp.byhttps://krokapp.by/media/

Касцёл св. Мікалая – гэта помнік архітэктуры барока з рысамі рэнесансу і элементамі абарончага дойлідства. Уяўляе сабой мураваную трохнефную трохвежавую базіліку. У скляпеннях касцёла дагэтуль знаходзіцца крыпта з пахаваннямі прадстаўнікоў роду князёў Радзівілаў.

Першы драўляны касцёл у Міры быў пабудаваны ў пачатку XVI стагоддзя. На яго месцы Радзівілы ў 1585 годзе пабудавалі новы таксама драўляны каталіцкі храм святога Мікалая.

Мураваны касцёл, фундаваны князем Мікалаем Крыштапам Радзівілам Сіроткам, быў ўзведзены ў 1599–1605 гадах. Аўтарства праекта прыпісваюць вядомаму архітэктару італьянскага паходжання Джавані Марыя Бернардоні. Пры касцёле існавалі шпіталь і парафіяльная школа для дзяцей.

Будынкі касцёльнага комплексу моцна пацярпелі падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай у 1654–1667 гадах і ў час Паўночнай вайны. У 1710 годзе князь Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька аднавіў касцёл, плябанію, два флігелі, гаспадарчыя пабудовы, загадаў адліць вялікі звон «Караль» у гонар перамогі над шведамі.

У 1846 годзе быў праведзены капітальны рамонт касцёла святога Мікалая на сродкі, зборам якіх кіраваў вядомы паэт Уладзіслаў Сыракомля.

Пасля паўстання 1863–1864 гадоў касцёл святога Мікалая быў закрыты расійскімі ўладамі, а ў 1865 годзе ён быў перароблены на праваслаўную царкву. Толькі ў 1921 годзе, пасля ўваходжання Заходняй Беларусі ў склад Польшчы, касцёл быў вернуты каталікам і дзейнічаў да 40-х гадоў ХХ стагоддзя.

Пасля Другой сусветнай вайны ў адпаведнасці з антырэлігійнай палітыкай савецкага кіраўніцтва касцёл святога Мікалая быў закрыты. Храм прастаяў дзесяцігоддзі ў занядбаным стане. За гэты час былі разбураны два верхнія ярусы вежы і дзве бакавыя круглыя вежачкі.

У 70-я гады ХХ стагоддзя касцёл атрымаў статус помніка архітэктуры рэспубліканскага значэння, пачалася яго рэстаўрацыя. У 1990 г. касцёл быў вернуты вернікам. На сёння касцёл святога Мікалая з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю Рэспублікі Беларусь першай катэгорыі.

Дата публікацыі: 17.08.2020.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць