Ешыбот


Other, krokapp.byhttps://krokapp.by/media/

Ешыбот – габрэйская вышэйшая рэлігійная навучальная ўстанова. Быў пабудаваны ў Міры ў 1815 годзе. Мірскі ешыбот быў другім па значнасці на беларуска-літоўскіх землях пасля валожынскага. Закрыты ў 1939 годзе пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР.

Мірскі ешыбот – гэта прамавугольны будынак з чатырохскатным дахам. Вокны прамавугольнай формы і фасад без аздабленняў надаюць будынку вытрыманы строгі выгляд.

Ешыбот быў заснаваны ў 1815 годзе аўтарытэтным знаўцам Торы Шмуэлем Цікцінскім. Пазней у справах кіравання ўстановай Шмуэлю дапамагаў ягоны сын. У 1835 годзе бацька і сын трагічна загінулі і ешыбот узначаліў мясцовы рабін. У 1850 годзе справу Шмуэля Цікцінскага ў Міры прадоўжыў ягоны ўнук Хаім-Лейб Цікцінскі – таксама знаўца Торы. У канцы XIX стагоддзя кіраваць Мірскім ешыботам запрасілі знакамітага рабіна Эліягу-Барух Камая. Гэта яшчэ больш падняло аўтарытэт навучальнай установы.

Для Мірскага ешыбота трагічным стаў 1939 год. З пачаткам Другой сусветнай вайны Заходняя Беларусь была далучана да БССР. У выніку антырэлігійнай палітыкі юдэі, як і прадстаўнікі іншых веравызнанняў, зазналі ганенні з боку савецкай улады. У тым жа 1939 годзе ешыбот у Міры быў закрыты і перанесены ў Вільню. Там ён праіснаваў да 1940 года, да таго часу, калі Літва была далучана да СССР. У 1940 годзе Японія дала магчымасць персаналу ешыбота выехаць з СССР.

Зараз будынак ешыбота часткова адрамантаваны, але працягвае пуставаць.

Дата публікацыі: 17.08.2020.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць