Мінск. Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны


Other, krokapp.byhttps://krokapp.by/media/sound/45c639c6-91c0-46c2-bae0-1069f5790031.mp3

Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны – гэта адзін з самых значных і вялікіх музеяў планеты – нараўне з багацейшымі зборамі ў Маскве, Кіеве, Новым Арлеане – якія расказваюць пра падзеі Другой сусветнай вайны.

Музей упершыню быў адкрыты для наведвальнікаў 22 кастрычніка 1944 года, калі яшчэ працягвалася вайна. Ён з’яўляецца найбуйнейшым нацыянальным сховішчам артэфактаў ваеннай гісторыі 1941–1945 гадоў.

Збор калекцыі пачаўся яшчэ ў чэрвені 1942 года. Будучыя экспанаты непасрэдна з фронту адпраўлялі ў спецыяльна створаную рэспубліканскую Камісію па зборы дакументаў і матэрыялаў Айчыннай вайны, якая знаходзілася ў эвакуацыі ў Маскве. У ліку першых каштоўнасцяў былі хронікі партызанскага руху, друкаваныя і рукапісныя выданні, самаробная зброя. У лістападзе 1942 года ў Маскве была адкрыта экспазіцыя пад назвай «Беларусь жыве, Беларусь змагаецца». У 1944 годзе яна пераехала ў Мінск, дзе была адкрыта для наведвання 22 кастрычніка таго ж года.

У 1966 годзе музей пераехаў у спецыяльны будынак на цэнтральнай плошчы Мінска (цяпер Кастрычніцкая плошча). У 1977 годзе побач з музеем пачала работу ўнікальная экспазіцыя ваеннай тэхнікі і ўзбраення пад адкрытым небам.

За дзесяцігоддзі даследаванняў гісторыі Другой сусветнай вайны калекцыя музея вырасла ў шмат разоў. У XXI стагоддзі ў незалежнай Беларусі было прынята рашэнне пабудаваць новы музейны комплекс. Урачыстае адкрыццё абноўленага музея адбылося 2 ліпеня 2014 года.

Новы будынак музея размяшчаецца паўколам на ўзвышшы каля абеліска «Мінск – горад-герой». Цэнтральны фасад будынка выкананы ў выглядзе сімвалічнага салюту Перамогі, на промнях якога прадстаўлены барэльефы з дзесяццю знакавымі падзеямі часоў вайны.

У афармленні экспазіцыі шырока выкарыстаны рэканструкцыі, задача якіх – выклікаць у наведніка адчуванне тагачасных гістарычных рэалій. Экспазіцыя абсталявана разнастайнымі аўдыё- і відэасродкамі для дэманстрацыі галасоў, шумоў, музыкі, відэа-матэрыялаў, выяў сапраўдных дакументаў і даведачных матэрыялаў.

Плошча экспазіцыйных залаў складае 4200 квадратных метраў, дзе прадстаўлена больш за 8 тысяч музейных прадметаў. Фонды музея складаюцца з 30 калекцый і налічваюць больш за 150 тысяч адзінак захоўвання. Дзве музейныя калекцыі «Рукапісныя часопісы» і «Самаробная зброя» маюць статус найвышэйшай гісторыка-культурнай каштоўнасці краіны.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць