Мінск. Музей гісторыі беларускага кіно


Other, krokapp.byhttps://krokapp.by/media/

У невялікім трохпавярховым будынку – помніку архітэктуры першай паловы ХХ стагоддзя – размясціўся Музей гісторыі беларускага кіно. У ім захоўваюцца ўсе найлепшыя здабыткі айчыннага кінематографа.

Музей гісторыі беларускага кіно – адзін з самых маладых у Беларусі. Ён быў заснаваны па ініцыятыве беларускіх кінематаграфістаў у Мінску ў 1976 годзе як ведамасны пры кінастудыі «Беларусьфільм» для збору і захавання матэрыялаў пра нацыянальны кінематограф, папулярызацыі яго дасягненняў.

З 1982 па 1988 гады ён размяшчаўся ў Рэспубліканскім Доме кіно (сёння гэта касцёл святых Сымона і Алены). У 1988 годзе музей быў перанесены на кінастудыю і выконваў у асноўным архіўную функцыю.

Для рэгулярнага наведвання адкрыты ў 2002 годзе у спецыяльна рэканструяваным трохпавярховым будынку – помніку архітэктуры першай паловы ХХ стагоддзя. Са студзеня 2005 года музей кіно стаў філіялам Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь. А з верасня 2014 года ‑ філіял Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.

Асноўныя віды дзейнасці музея – гэта збіранне, сістэматызацыя і апісанне дакументаў і матэрыялаў па гісторыі беларускага кіно. Таксама музей ладзіць фондавыя, тэматычныя і персанальныя выставы, якія звязаныя з кінематографам і беларускім выяўленчым мастацтвам. Арганізуе прагляды айчыннай і замежнай кінакласікі.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць