Брэст. Памятны знак “Магдэбургскае права”

Памятны знак “Магдэбургскае права” сведчыць пра тое, што сярэднявечны Брэст быў першым горадам на тэрыторыі сучаснай Беларусі, які атрымаў Магдэбурскае права. Гэта падзея адбылася ў 1390 годзе.

Беларуская дзяржаўнасць развівалася ў рэчышчы агульнаеўрапейскай гісторыі. Адной з праяваў гэтага працэсу было атрыманне гарадамі Вялікага Княства Літоўскага Магдэбурскага права.

Магдэбургскае права – гэта права горада на самакіраванне. Яно надавалася гарадам ад імя вялікага князя. У спецыяльным прывілеі адзначаліся парадак фармавання органаў кіравання, правы і прывілеі. Крыніцамі Магдэбургскага права былі як нямецкія законы («Вайхбільд Магдэбурга», «Люстра саксаў»), так і беларускае гарадское права і артыкулы Статута Вялікага Княства Літоўскага.

У адпаведнасці з Магдэбургскім правам у горадзе ствараліся органы самакіравання, незалежныя ад ваяводаў і старастаў. Гарадское кіраванне ўзначальваў войт, прызначаны вялікім князем. Разам з ім дзейнічала гарадская рада, што складалася з месцічаў-радцаў. Дзейнасць рады ў фінансавай сферы кантралявалася выбарным органам з 12 месцічаў мужоў паспалітых, або прысяглых. Існаваў уласны судовы орган па крымінальных справах – лава, куды ўваходзілі лаўнікі пад старшынствам войта. Штодзённымі справамі займаліся бурмістры, якія па сканчэнні паўнамоцтваў рабілі справаздачу перад радай, а пазней – на агульным сходзе месцічаў. Бурмістарскі суд, куды ўваходзілі бурмістры з радцамі, вырашаў цывільныя справы. Гарадская рада і лава разам складалі магістрат. Магістрат засядаў у ратушы (у перакладзе з нямецкай мовы гэта слова азначае “дом сходаў”).

Права на самакіраванне Брэст атрымаў у 1390 годзе. Пазней горад шмат разоў пацвярджаў прывілей на Магдэбурскае права.

Пасля далучэння Беларусі да Расійскай імперыі указам Кацярыны ІІ Магдэбургскае права на гэтай тэрыторыі было скасавана.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць