Брэст. Касцёл Узвышэння святога Крыжа

Касцёл Узвышэння святога Крыжа – гэта помнік архітэктуры позняга класіцызму. Ён быў пабудаваны з цэглы ў 1856 годзе на тагачасным Бульварным праспекце як катэдральны сабор.

Першы парафіяльны касцёл у Брэсце быў фундаваны вялікім князем Вітаўтам пад імем Святога Крыжа і Узнясення святой Панны Марыі. Ён існаваў ад 1412 года да сярэдзіны ХІХ стагоддзя. У 1766 годзе касцёл быў перабудаваны, але ў 1830-я гады быў разабраны падчас пабудовы крэпасці.

У 1845 г. жыхары Кобрынскага фарштата Брэст-Літоўскай крэпасці звярнуліся да статс-сакратара князя Галіцына з хадайніцтвам аб дазволе пабудаваць касцёл у новым горадзе. Праект быў зацверджаны імператарам Мікалаем І 18 лістапада 1849 года. Храм быў пабудаваны і асвечаны ў 1856 годзе.

У ХХ стагоддзі ў міжваенны час да касцельнай парафіі належала каля 10 тысяч парафіян. У час Другой сусветнай вайны касцёл Узвышэння святога Крыжа быў моцна пашкоджаны. А ў 1950-я гады ў рэчышчы антырэлігійнай палітыкі ў БССР храм быў закрыты і капітальна перабудаваны – знятыя 2 вежы на галоўным фасадзе, унутры ўмайстраваныя паверхі. Да 1990-х гадоў у будынку храма размяшчаўся Брэсцкі абласны краязнаўчы музей.

12 жніўня 1990 года ўпершыню за 42 гады ў будынку святыні было праведзена набажэнства. Спатрэбілася некалькі гадоў, каб касцёл набыў першапачатковы выгляд. 28 жніўня 1992 года касцёл быў кансэкраваны, тады ж былі асвечаныя і два новыя званы: “Ян Павел” і “Жыгімонт”.

Касцёл Узвышэння святога Крыжа пабудаваны паводле базілікальнай планіровачнай схемы з паўкруглай апсідай і бакавой сакрыстыяй. Галоўны фасад завяршаюць 2 бакавыя вежы. Галоўны ўваход вырашаны класічным пілястравым парталам з трохвугольным франтонам.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць