Мінск. Аляксандраўскі сквер

Аляксандраўскі сквер адзін з найстарэйшых сквераў Мінска, які захаваўся да нашага часу. Сваю назву ён атрымаў ад пабудаванай там у 1869 годзе праваслаўнай капліцы Аляксандра Неўскага.

У 1830-х гадах на месцы сквера была пустка. Пазней тут з’явілася плошча Прысутных месцаў. У канцы 60-х - пачатку 70-х гадоў ХІХ стагоддзя размешчаны тут бульвар пачаў ператварацца ў сквер. З часам яго ўпарадкавалі, абнеслі агарожай. Па цэнтры праклалі пешаходную дарожку да Архірэйскага падвор’я.
У ХІХ стагоддзі тут сфармаваліся вуліцы Падгорная (сёння вуліца Карла Маркса), Захар’еўская (сёння праспект Незалежнасці), Скобелеўская (сённ Чырвонаармейская), Паліцэйская (сёння Янкі Купалы). Паблізу сквера стаяў архірэйскі дом, праваслаўная духоўная кансісторыя і Пакроўская (Крыжовая царква). Сцены Пакроўскай царквы, разбуранай бальшавікамі, паслужылі каркасама для левага крыла Акружнога дома афіцэраў, які будаваўся тут у 1934–1939 гадах.
У 1874 годзе ў Мінску пачаў працаваць вадапрвод з чыстай артэзіянскай вадой. У гонар гэтай падзеі ў Аляксандраўскім скверы быў пабудаваны фантан са скульптурнай “Хлопчык і лебедзь”. У 1890 годзе ў Аляксандраўскім скверы быў пабудаваны Мінскі гарадскі тэатр. Цяпер гэта тэатр імя Янкі Купалы.
Пасля Другой сусветнай вайны, у 1955 годзе, сквер быў абнесены гранітнай сцяной з аднаго боку, і металічвай агароджай з другога. У 1970 годзе сквер быў рэканструяваны і добраўпарадкаваны. У ім з'явіліся калоны, абноўленыя лаўкі, гранітныя вазы, павялічана колькасць уваходаў, дададзены новыя клумбы і газоны, а таксама ўзведзена трыбуна. У 1979 годзе ў скверы быў усталяваны мемарыяльны знак-помнік на месцы пакарання ў 1942 годзе членаў мінскага падполля.

Спампаваць