Гродна. БНР101: 2. Горадня, вул. Маставая, 9

Кляштар бернадынак быў збудаваны ў 1618 г. у барочным стылі на грошы Гераніма Валовіча. З 1854 г. кляштар бернардынак быў пераўтвораны ў праваслаўны Барысаглебскі манастыр. Менавіта тут у манастырскіх мурах працягвала пашырацца беларускае жыццё ў Горадні.

Сюды ў манастыр у 1915 г. з Краснатоку перавозяць дзіцячы прытулак для дзяўчынак. Пры ім з красавіка 1916 г. па ініцыятыве В.Ластоўскага і А.Луцкевіча адчыняецца першая ў Горадні беларуская школа. Яе настаўнікамі становяцца 18-гадовая Тэкля Станішэўская і Аляксандр Грыкоўскі, якія сеялі зярняткі беларускасці да самай сваёй заўчаснай смерці ад сухотаў у 1919 годзе.

З 1917 года апеку над прытулкам узяло Віленскае беларускае дабрачыннае таварыства “Золак”, надаючы яму беларускі характар. Некаторы час кіравала прытулкам Станіслава Буйло – родная сястра беларускай паэткі Канстанцыі Буйло-Калечыц.

З восені 1918 года тут размясцілася першая ў Горадні легальная беларуская арганізацыя – Сувязь культурна-нацыянальнага адраджэння Беларусі, сярод актывістаў якой былі Аляксандр Грыкоўскі, Янка Натусевіч, Андрэй Якубецкі, Лукаш Дзекуць-Малей і іншыя. У хуткім часе арганізацыя пераназываецца ў Гарадзенскі Беларускі нацыянальны камітэт і пачынае абараняць правы беларусаў.

Будынак манастыра ў розныя часы быў месцам дзейнасці канцылярыі Беларускай вучыцельскай рады, сакратарыяту Беларускага пасольскага клуба, Беларускай школьнай прытулковай рады, Беларускага камітэту дапамогі пацярпелым ад вайны, беларускай кнігарні і аддзялення Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры.

Пасля абвяшчэння БНР тут быў дзіцячы прытулак, якім апекаваліся Лукаш Дзекуць-Малей і яго будучая жонка Серафіма Кішка. У манастырскіх келлях неаднаразова спыняліся многія беларускя дзеячы. На святы над брамаю манастыра часта лунаў бел-чырвона-белы сцяг.

Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць