Гродна. БНР101: 1. Будынак Гарадзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі, былыя касцёл і кляштар бернардзінцаў

У верасні 1909 года на кватэры ксяндза Францішка Грынкевіча быў заснаваны гурток беларускай моладзі. Ксёндз стаў і першым кіраўніком гэтага гуртка на працягу двух з паловай гадоў. Паводле беларускага ксяндза Адама Станкевіча, “асоба Францука Грынкевіча ў Горадні была цэнтральнай і адзінай, якая будзіла там і арганізавала беларускі рух”.

За сваю мэту гурток ставіў пашыраць веды пра Беларусь, яе гісторыю, культуру і мову. Асновай бібліятэкі гуртка сталі кнігі перададзеныя ксяндзом Грынкевічам з уласнай калекцыі.

Гурток аб’яднаў зацікаўленых Беларуссю вучняў мясцовых школ і гімназій. Сябры гуртка наладзілі сувязі з вядомымі на той час беларускімі арганізацыямі і вялі ліставанне з Іванам Луцкевічам, Вацлавам Ластоўскім, Аляксандрам Уласавым. Моладзь рыхтавала тэматычныя рэфераты пра Беларусь, якія чыталіся на вечарынах гуртка. На іх жа дэкламаваліся беларускія вершы, ставіліся тэатральныя замалёўкі, выступаў хор гуртка, праводзіліся заняткі па беларускай мове.

Так з манастырскіх муроў беларускае жыццё выйшла ў горад, становячыся неад’емнай часткай горада над Нёманам.

Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць