Кобрын. Касцёл Спачыну Найсвяцейшай Панны Марыі

Касцёл Спачыну Найсвяцейшай Панны Марыі – помнік архітэктуры класіцызму, знаходзіцца ў канцы вуліцы Першамайскай.
Касцёл Спачыну Найсвяцейшай Панны Марыі ўяўляе сабой трохнефавы храм з дзвюма вежамі.
Звесткі аб першым рыма-каталіцкім касцёле ў Кобрыне адносяцца да 1513 года. Паводле дакументаў алтар у ім быў узведзены на грошы Ганны Кобрынскай-Касцевіч. Гэты драўляны храм неаднаразова гарэў і аднаўляўся. Аднак пажар 1812 года для касцёла стаў апошнім.
Толькі ў маі 1840 года быў зацверджаны праект будаўніцтва касцёла, які быў складзены архітэктарам Насковым. У 1841 годзе пачалося будаўніцтва храма, якое скончылася ў 1843 годзе. Храм будаваўся на ахвяраванні вернікаў. У 1851 годзе Віленскі біскуп Вацлаў Зулінскі надаў касцёлу тытул Спачыну Найсвяцейшай Панны Марыі. Напалеон Орда, які ў 1864 годзе наведаў Кобрын, зрабіў малюнак гэтага храма.
Касцёл Спачыну Найсвяцейшай Панны Марыі захаваўся ў час Другой сусветнай вайны і заставаўся дзеючым яшчэ некаторы час пасля яе заканчэння. У 1962 годзе ў сувязі з чарговай антырэлігійнай кампаніяй савецкай улады храм быў зачынены. Зноў храм вярнулі вернікам ў 1990 годзе. Касцёльны будынак быў адноўлены на сродкі вернікаў і пры дапамозе будаўнічай арганізацыі “Энэргаполь” горада Кобрына.

Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць