Талачын. Царква Пакрова Прасвятой Багародзіцы і Свята-Пакроўскі манастыр

Праваслаўны Свята-Пакроўскі манастыр і Свята-Пакроўская царква знаходзяцца на вуліцы Леніна. Свята-Пакроўскі манастыр змяшчаецца ў будынках былога базыліянскага манастыра – помніка архітэктуры позняга барока. Комплекс уключае двухпавярховы жылы будынак, браму, агароджу і царкву. Узвядзенне каменных будынкаў, якія захаваліся да нашага часу, пачалося ў 1769 годдзе на сродкі магнацкага рода Сангушак. Царква, пабудова якой была скончана ў 1796 годзе, была ўзведзена на фундаменце храма, які быў заснаваны ў 1604 годзе Львом Сапегам (на той момант канцлерам Вялікага Княства Літоўскага). Пасля ўключэння беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі гэты базыліянскі манастыр быў ліквідаваны, а царква стала праваслаўнай Свята-Пакроўскай царквой. У 1839 годзе школа і манастырскі корпус былі аддадзены праваслўным. У часы савецкай улады прыходу належыў толькі будынак храма, а будынак манастырскага корпуса быў перададзены ваенкамату. На працягу свайго існавання храм Пакрова Прасвятой Багародзіцы быў дзеючым, набажэнствы не спыняліся і ў гады Другой сусветнай вайны. У 1996 годзе прыходу быў вернуты манастырскі корпус, а ў 2004 годзе рашэннем сінода Беларускай праваслаўнай царквы Свята-Пакроўскі манастыр быў адноўлены.
Свята-Пакроўская царква адносіцца да помнікаў архітэктуры віленскага барока. Гэта трохнефная двувежавая базіліка. У паўночна-усходняй частцы будынку знаходзяцца хоры. Галоўны фасад падзелены на тры часткі. Знешні дэкор мае характэрныя рысы барока. Цокальная частка галоўнага фасада і верх вежаў маюць класічную трактоўку. У такім выглядзе храм захаваўся да нашых дзён.

Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць