Нясвіж. Cлуцкая брама

Кароткі тэкст:

Гарадская Слуцкая брама з'яўляецца ўнікальным помнікам барока. Гэта адзіная брама з пяці, што існавалі ў горадзе, і адзіная, якая захавалася ў Беларусі, пабудаваная ў сістэме гарадскіх умацаванняў у канцы XVI – пачатку XVII стст.

Асноўны тэкст:

У 1586 г. Мікалай Крыштаф Радзівіл “Сіротка” паставіў перад гараджанамі задачу збудаваць абарончыя аб'екты. Да канца XVI ст. гарадскія ўмацаванні ў асноўным былі пабудаваныя. Аснову абароны горада складаў высокі земляны вал. Ён меў выгляд пяцікутніка з 7 бастыёнамі і ахопліваў горад з усіх бакоў. Унутр можна было патрапіць праз пяць брам: Слуцкую, Клецкую, Віленскую, Мірскую і Замкавую. Падчас вайны Маскоўскага царства з Рэччу Паспалітай 1654–1667 гг. гарадскія ўмацаванні, у тым ліку і гарадскія брамы, былі значна пашкоджаны.
У 1700 г. (па некаторых крыніцах у 1760 г.) Слуцкая брама была перабудавана ў стылі барока. Паводле інвентароў на першым паверсе брамы знаходзілася памяшканне для варты і чыноўніка, які збіраў мыту. Кожны, хто ўваходзіў ці заязджаў у горад, павінен быў заплаціць мытны збор. На другім паверсе размяшчалася капліца Божай Маці.
У 70-я гг. ХХ стагоддзя на Слуцкай браме былі праведзены рэстаўрацыйныя работы: адноўлены фасады і дах, дубовыя дзверы, вокны, лесвіца на другі паверх, гаўбец на фасадзе з боку горада. У верасні 2007 г. завяршыўся капітальны рамонт брамы, добраўпарадкавана тэрыторыя вакол помніка.

Каб праслухаць аўдыёпаведамленне, выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць