Свята-Барыса-Глебская Каложская царква


Other, krokapp.byhttps://krokapp.by/media/sound/af1da464-b4a9-4bb2-931c-0b9b0a6fb526.mp3

Свята-Барыса-Глебская Каложская царква — архітэктурная перліна старадаўняй Горадні. Храм уключаны ў спіс аб’ектаў сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Калі пачалі будаваць храм — дакладна невядома, але мяркуецца, што мураваная царква на гэтым крутым беразе Нёмана была ўзведзеная ў 1140-х — 1170-х гадах. Храм назвалі ў гонар святых князёў Барыса і Глеба. Назва “Каложская” звязана ці з урочышчам Калажань, ці з перасяленнем сюды ў 1409 годзе, пасля паходу князя Вітаўта на Пскоў, жыхароў тамтэйшага гарадка Каложа.

Вялікі пажар 1184 года ў Гродне знішчыў Ніжнюю замкавую царкву, і Барыса-Глебская стала галоўным храмам горада.

На працягу XIV стагоддзя ў выніку шматлікіх нападаў крыжакоў царква прыйшла да заняпаду. А пазней, у час войнаў з Маскоўскім княствам, была значна пашкоджана. Аднак галоўнай небяспекай для адрэстаўрыраванага ў XVI стагоддзі храма стала прыродная стыхія. У ноч на 2 красавіка 1853 года паўднёвая і частка заходняй сцяны разам са столевым перакрыццем абваліліся ў Нёман. Новыя пашкоджанні прынеслі апоўзні 1864 і 1889 гадоў. У выніку, 40 гадоў царква была закінутай. 

З 1894 па 1906 год умацавалі бераг, на якім стаіць царква. Замест абваленых мураваных сцен пабудавалі больш лёгкія драўляныя. У такім выглядзе храм захаваўся да нашых дзён. 

У савецкі час Каложскую царкву закрылі для набажэнстваў. У 1948 годзе яе перадалі гісторыка-археалагічнаму музею, а ў 1967-м годзе разам з Замкавай гарой унеслі ў склад Гродзенскага гісторыка-археалагічнага запаведніка. Толькі ў пачатку 1990-х гадоў Каложу вярнулі вернікам.

Барыса-Глебская царква — унікальны ўзор старажытнага мураванага дойлідства, узведзены майстрамі гродзенскай архітэктурнай школы. Царква не мае прамых аналагаў у свеце. Яе ўнікальная асаблівасць — мноства керамічных гаршкоў-галаснікоў, убудаваных у сцены, дзякуючы чаму многія стагоддзі тут захоўваецца добрая акустыка. 

Яшчэ адна знакамітая асаблівасць Каложы — аздабленне фасадаў і сцен устаўкамі з вялікіх паліраваных валуноў у форме крыжоў.

Унутранае ўбранне Каложскай царквы ўпрыгожвалі ўнікальныя фрэскі, фрагменты якіх адшукалі ў 1970-х гадах.

Дата публікацыі: 12.06.2017.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць