Жодзіна. Царква святога Арханёла Міхаіла

Царква святога Арханёла Міхаіла з’яўляецца пераемніцай старажытнай Петрапаўлаўскай царквы, якая, на жаль, не захавалася.

Гісторыя жодзінскай царквы пачынаецца з сярэдзіны XVII ст. На рынкавай плошчы мястэчка Багуслаў Поле (заснавана Багуславам Радзівілам на берагах ракі Пліса і Жодзінка), была пабудавана драўляная царква святога Пятра (Пятроўская царква) (упершыню ўзгадваецца ў1665 годзе). У дакументах 1669 г. пералічваюцца ўжо дзве царквы – Пятроўская і Святой Тройцы. Падчас Паўночнай вайны (1700–1721 гг.) Пятроўская царква згарэла і больш не аднаўлялася. Траецкая царква ў 1745 г. стала ўніяцкай і была асвечана ў гонар сявятых Пятра і Паўла (дзейнічала да 1839 г.). У 1863 г. на месцы старой разбуранай уніяцкай Петрапаўлаўскай царквы заклалі праваслаўную драўляную Міхайлаўскую царкву ў гонар Арханёла Міхаіла. Па архітэктуры гэты храм адносіўся да цэркваў г.зв. мураўскага тыпу. У пачатку XX ст. царква была абноўленая. У 30-я гг. ХХ ст. у рэчышчы антырэлігійнай палітыкі савецкай улады Міхайлаўская царква была зачыненая і абрабаваная. Будынак стаў выкарыстоўвацца як зернесховішча. У часы Другой сусветнай дзейнсць Міхайлаўскай царквы была адноўлена. У снежні 1960 г. жодзінская Свята-Міхайлаўская праваслаўная царква была знесена сіламі вайскоўцаў ваеннага гарадка Печы. У 1991 г. была створана новая драўляная Свята-Міхайлаўская царква. Драўляны храм пабудаваны ў традыцыях рускага праваслаўнага дойлідства.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць