Касцёл Святога Антонія Падуанскага


Other, krokapp.byhttps://krokapp.by/media/

Неагатычны касцёл на беразе ракі Мядзелка.

Цагляны касцёл Святога Антонія Падуанскага быў пабудаваны архітэктарам Артурам Гойбелем у 1904 годзе на тэрыторыі былога францысканскага кляштару, заснаванага ў 1617 годзе на сродкі Станіслава і Ганны Сянкевічаў-Бяганскіх. У XVII стагоддзі ўласнікамі мястэчка Паставы была сям’я Сянкевічаў-Бяганскіх. На іх сродкі і былі пабудаваны кляштар з касцёлам.

Пасля паўстання 1830 года кляштар быў закрыты, а рэшткі царквы разабраныя. Толькі ў 1898–1904 гадах (па іншых звестках у 1880–1887 гадах) на яе фундаменце па праекце архітэктара Артура Гойбеля быў узведзены новы храм, названы ў гонар святога Антонія Падуанскага. Фінансавала адбудову касцёла Марыя Пшэдзецкая. Новы касцёл быў зарыентаваны па лініі поўнач-поўдзень, у той час як стары меў традыцыйную арыентацыю ўсход-захад. Ён быў пабудаваны ў неагатычным стылі з чырвонай цэглы. Стральчатыя вокны і нішы, ступеньчатыя контрфорсы – усё гэта элементы неаготыкі. У цэнтры крыжападобнага ў плане храма – вежа-званіца.

У гады Першай сусветнай вайны касцёл быў моцна пашкоджаны: былі цалкам знішчаны арган, галоўны алтар, амбон. Па выніках Рыжскага міру 1921 года Паставы апынуліся ў складзе Польшчы і храм у 20-я гады ХХ стагоддзя быў адноўлены. У 1939 годзе Паставы былі далучаны да БССР. У выніку касцёл быў закрыты , а апошні пробашч Баляслаў Мацяеўскі, быў арыштаваны і загінуў у сталінскіх лагерах. Пасля Другой сусветнай вайны будынак касцёла выкарыстоўваўся як склад, пазней там месціліся цэхі прамысловага прадпрыемства.

У 1988 годзе будынак касцёла святога Антонія Падуанскага адным з першых касцёлаў Беларусі быў вернуты вернікам. Пасля працяглай рэстаўрацыі храм быў адкрыты для набажэнстваў. Цяпер касцёл цалкам абноўлены, пры касцёле дзейнічае музей гісторыі рэлігіі.

Дата публікацыі: 13.06.2017.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць